Шпарка бегаеш ты, шэры воўк! Дуж ты на ногі, ходак на бягню, цягуч у дарозе...
Ды не аббегаць табе, скараход-жывадзёр, не аббегаць табе за ўвесь ваўчыны век твой усіх абшараў старонкі гэтае патаёмнае, не пратаптаці табе сцежачак на ўсіх гэтых пушчах драмушчых...
* * *
І ты баўцян - магутнакрылы бусел-чарнагуз!
Бачыў ты піраміды фараонаў егіпецкіх, у шкляной, бліскучай, люстранай вадзе Ніла гістарычнага глядзеўся ты, прыгажун! Праз нашага прадзеда, Дуная мнагаводнага, ляцеў ты, даўганогі, і многа старонак з рознымі людзьмі, не наскае веры, і гаворкі, і аблічча, бачыў ты.
А ніколі не выхадзіць ні табе, ні буслянятам тваім балот зямелькі гэтае захаванае...
Любуешся ты, любата мая!
Ніколі ж не налюбавацца табе бясконцай і неагляднай удоўжкі і ушыркі істужкай палёў гэтых рознакалёрных, гэтых лясоў зялёна-сініх, гэтых рэчак ціхаводных, што вербалозам ды ціхімі краскамі абраслі...
* * *
Бліскаеш ты, маланка-бліскаўка, скрозь ўсё неба бліскаеш, ажно з краю ў край.
Згары ўніз рассякаеш ты, не ўгледзець калі, аграмаднае бяздонне надземнае.
Ды ніколі не асвяціць табе старонкі гэтае патаёмнае...
* * *
- Гу-гу-гу... - гудзіць глухая пушча, ракоча, ківае верхалінамі.
Жгу-жу-шу-шу... - гамоніць лісцейка на бярозах.- Т-т-т!.. - спуджана, як у трасцы, трапечуцца, трасуцца на родных сучочках, ніколі не ведаючы супакою, калоцяцца дробныя лісточкі нясчаснае, горкае асініцы.
- Го-го-го-гэй! - зазлаваўся вецер, што не пушчаюць яго дружныя дрэвы ў сваю сям'ю.
Кінуўся ён, як шалёны, на старога дзеда лесавога, на магутны, караністы дуб, што быў тут старэйшы ва усім лесе: думаў зняцейку бэхнуць яго на бясконцае, бяздоннае балота, што цягнецца ў непраходны лес, немаведама куды.
- Ня руш! Не чапай! - толькі і прамовіў магутны дуб. Кінуўся на адзін момант да багны і ўзноў
выпрастаўся. Абправіў сваё каравае суччо - і ўзноў задумаўся аб старадаўніх часах, калі аквячалі яго людзі
славай і хвалай, і шукалі пад ім адказу на свае загадкі, і клятвы пад ім давалі.
Мінулася, прайшло...
Скрыпаюць дрэвы хворыя, бахаюць вобзем з гукамі жудкімі. Стогнуць старыя дзяды лесавыя.
Рыскаюць спуджаныя звяры ды яшчэ болей смуцяць глухі, смутны лес.
Стогне лес.
Зарастае багна - дарма што пільна так беражэ яго (...) вечная да часу астатняга - зарастае багна!
Адылі цурчаць яшчэ лесавыя цурочкі, цуркі і цэлыя ручаі сцюдзёныя з Лоз Савіных, Машкоў Салаўіных,
Залужжа, Чортаўшчыны, Гайка і ўсяго Лесу Цёмнага.
Не зусім яшчэ падаўся Цёмны Лес...
* * *
Прыгожа там вясною, калі дрэвы ва ўсё зялёнае ўбіраюцца, у вопраткі свае дзіўныя апранаюцца, калі аборкі ў лядзе красачкамі пахнючымі і кволымі ўсцілаюцца, калі лозы сівымі, пухка-пушыстымі
пупышачкамі вабяць дзікіх пчолак з усіх бакоў, калі паветра цёплае, лёгкае.
- Я-куб! Я-куб! - сумуе голасна зязюлечка. Ды не проста зязюлечка то шэрая...
У даўнія часы тое здзеялася, што матка бяздольная ў зязюлю шэрую перакінулася і з той часіны
нешчаслівае чакае да сябе сына Якуба, што ўкраў яго Паганы Цмок, страшны змей, і занёс ў
няволю, у панства сваё падземнае, падводнае.
- Я тут! Я тут! - чуецца ёй знекуль здалёку другая зязюлечка - можа, сын Якуб. І яшчэ званчэй-гучней
нясецца, разлягаецца па ўсім лесе кукаванне безнадзейнае.
* * *
Тамуча там, калі вясна мінаецца, калі над возерам пад бярозамі стромкімі, з высокімі макухамі
ды галінамі доўгімі, гібкімі, гутаюцца русалкі белацелыя, з косамі чорнымі, з вачамі маркотна-
шалёнымі.
- Гу-у-та! Гу-та-а-шы! Гута-рэ-элі! - крычаць яны і гукаюць да сябе хлопца прыгожага, мужчыну слабавольнага.
- Мэ-эмэ-мэ! - раве там тады каланіца нячыстая, нібы і праўда баран-птушка.
- Сю-ды! Сю-ды! - савою хтосьці крычыць.
Страшна там у восень цёмную, калі пушча стогне, а ваўкі выюць, а скігоча немаведама хто, быццам душаць
каго, быццам хто ведае што... Жуда вялікая на сэрцы ўзнімаецца.
Гарэцкі М. Збор твораў. У 4-х т. Т.1 ст.55.- Мн..Маст.літ.,1984
|