Библиотека


Максім Гарэцкі

У ЛАЗНІ

Вучань апошняга класа каморніцкага вучылішча, казённы стыпендыят Клім Шамоўскі, к калядам прыехаў удвору і ўжо другі тыдзень жыў у бацькавай хаце ў роднай вёсцы Мардалысаве.

Якраз у трыццаць першы дзень снежня, перад Новым годам, дзядзька Якуб, дамяўшы сваю пяньку, выпаліў лазню, каторых у Мардалысаве на 25 двароў ёсць ажно дзве.

Увечары Клімаў брат Парфір напаіў коні, падаваў жывёле, прыйшоў у хату і пачаў рыхтавацца ў лазню. Знайшоўшы апоркі і сеўшы на калодачку разуваць лапці, загаманіў ён.

—  Дзядзька лазню ўжо вытапіў. Гатова. Збірайцеся хутчэй. Ты, тата, бяры вядро і йдзі; тым часам і я пайду з хлапцамі; трэба па венікі на вышкі ўзлезць. А Клім што гэта сядзіць? Ай ты не пойдзеш сёння ў лазню? — запытаўся ён у брата.

Клім палажыў на палічку «Нізшую геадэзію» Біка і «Песні жальбы» Я. Коласа, што дагэтуль былі ў руках, нечага задумаўся, адкінуў з лоба свае доўгія валасы і, троху памаўчаўшы, адказаў:

—  Я й сам не ведаю, ісці мне ці то ўжо не пачынаць. Колькі гадоў не мыўся я ў вашых лазнях, адвык. Але памыцца сягоння не вадзіла б: цела пачынае свярбець.

—  Што ты гэта, Клімачка,— загаварыла яго маці.— Чаму ж табе не схадзіць у лазню? Праўда, гразнавата яна, вады цёплае саўсім няма, а халодная ў панаўцы на канаве надта мутна, але ўсё ж такі, тое-гэта, папарышся, костачкі пагрэеш свае, мо й на душы палягчэе крыху табе. Ідзі, ідзі, сынок.

Бацька напрануў дублёнку, надзеў дзіравыя валёнкі і прыстоіў, пакуль Клім вымаў з кішэні ключыкі, ножык, партманэцік з грашамі і старым пер'ем «рондо», каб не згубіць дабро ў лазні.

—  Хутчэй! — казаў яму маленькі пузыр, брат Саўка, а ён, адчапіўшы кішэнны гадзіннік, адзягнуў матчыну шубку і выйшаў з хаты.

Лазня была за гоні ад вёскі, каля заплыўшае канавы, што была некалі, пакуль шчэ паны жыдам лясоў не прадавалі, рэчкай. Ліпела яна сабе на ўзгорку, і пакуль Клім узабраўся на гэты ўзгорачак, два разы паваліўся і абскрабаў аж да крыві руку аб мёрзлы снег. Саўка падскочыў каля яго на адной назе, падняў яму кавалачак мыла, крыкнуў: «Хор на Бабінавічы!» —і шыбка пабег паперад усіх к лазні. Там ён кумільгом укаціўся ў прымыльнік і сказаў дыскантам, як тое рабілі вялікія басам або тэнарам:

—  Пара — лазня, лёгкі дух!..

Адзін з хлапцоў-сярэднікаў, што прыйшоў туды раней, да Саўкавага віншавання ў адзін тон дабавіў колькі слоў і к слову «дух» прыкладна адпаліў такое слаўцо, што дзед Кузьма абазваў яго сынам вядомага ўсім брахлівага стварэння.

Клімаў бацька пайшоў к панаўцы, зачэрпнуў асцярожна беражком вядра, каб не замуціць саўсім, мутнае з лёдам вады, утапіў у ваду бярозавы венік, каб размяк і лепей было яго спарыць, і, схіліўшыся над вядром, пабрыў у лазню ўслед за Клімам. А той, убачыўшы там старых, каторыя распратываліся, а іншыя аддыхалі на мяліцах, папарыўшыся даволі, сказаў:

—  Добры вечар! — і азірнуўся, дзе б яму прыхіліцца.

—  Міласці просім! — адказаў яму салдат Захар Какста.

—  Капеек на восем,— дагаварыў нейкі скалазуб.— Садзіцеся, во ладная мясцінка, Клім Раманавіч,— загаманілі голыя, барадатыя «мужы» ў цямноце, бо святла ў прымыльніку паліць, знаць, не знайшлі патрэбным і варушыліся, хто як мог, упоцемку.

Прымыльнік быў плятнёвы, і скрозь пляцень дуў вецер. Пад нагамі — мяллё. Каля сценак ляжалі, раскірачыўшы ногі, самадзельныя мяліцы. Кліму было гразца, нячыста, непрытульна.

3 лазні сюды то й глядзі выскоквалі чырвоныя, што ракі, здаволеныя ласуны да парання. Адтуль нёсся гул...

«Ліха іх ведае, як яны тут мыюцца»,— думаў Клім, шукаючы мясцінкі, дзе б схаваць шубку.

Старыя гаманілі пра тое-сёе, хто колькі шпал ад жыда звёз на раку Вяхру, і іншае.

«Але што ж гэта я? Ці я не радзіўся сам у Мардалысаве, ці сам не купаўся ў гэтай гразі, не бачыў усякага бруду? — так думаў Клім. «Не, гэта ж я не злуюся, чаго ж гэта я?..» I ўвайшоў у лазню.

Вачам стала горка ад дыму. Нагам было ёдка стаяць на гразнай сцюдзёнай зямлі. Галава ўдарылася аб шост. Жарыня была наверсе, як у пекле. Не можна было нічога разгледзець.

Жчах, жчах, жчах, жчах...— работалі венікі.

—  Ого-го-го-го!—рагатаў нехта, лезучы на палок.— Паддай, паддай... Яшчэ горстачку... ліні паўкружачкі на печ... Братцы, аджалейце паўчаўхірачкі... Духу мала, духу няма, гэй духу!

Аж стогн лунаў у лазні. Павярнуцца — думаў Клім — недзе: паўнютанька лазня людзей. На нізу ў гразі блазнота... Іншы плакаў ад дыму ці яшчэ ад чаго, і цёр вочы кулакамі, і плёскаў гразнай вадой. Але й тую яму нехта забараніў браць, казаў: «Злётай прынясі сам». Іншы сядзеў непарушна, ушчаміўшы галаву паміж ног. Той шчыпаўся, той штурхаўся, той жартаваў — мацаў некага па вачах, кажучы: «Ці еў балазе?»

—  А та-а-атачка, а а-ай, а до-о-ос! — сквірчэў малы хлопчык як мага, на ўсю сілу, а добры бацька дзяржаў за шыю з пэўнасцю, што агоўтаецца, і гарачым, як полымя, венікам сцябаў з усіх бакоў.

—  Дай спінку, дай жываток, йшчэ трошку, ну, ну, ну, дурненькі, не плач жа; дос, дос, не бойся... А то, брат, камлём заеду, хочаш?..— дабавіў ён урэшце і злаяўся.

А побач з Клімам два нехалюзыя хлопчыкі сварыліся за нешта.

—  Во-охці, охо-хо-о! — чуць жывы выкаціўся ў прымыльнік нейкі дзядок.

—  Як тое было, як тое будзіць — ось табе на! — крычаў Юрка, і раптам зняцеўку — бах! — паўнюсенькі карэц вады на маленькую печ. Аж камяні загурчэлі, засіпела вуголле, і з палка пасыпаліся, як бульба, слабейшыя. А крапчэйшыя, стойка ведучы справу сваю, пільна запрацавалі рукамі.

—  Госпадзі, памілуй! Божухна, злітуйся! Мірам найвышняму памолімся,— прыгаварваў адзін у помач рукам, а другі, трэці, чацвёрты не грэбавалі і самай бруднай лаянкай. Аж прыкра зрабілася Кліму ад гідкіх слоў, што насіліся ў цёмным, гарачым, свойабразным пекле — гэтай лазні.

—  Во калі ашалелі мужычкі! — мудрыў салдат Какста, цёпаючыся венікам.

Нехта шукаў на шосціку сваю кашулю і зваліў у самую гразь чужыя штаны.

—  Саўка! Збегай, сынок, вады: гару, саўсім гару... Хут-чэй бяжы... А, Клім, лезь ыа палок, паўзі, парся,— гукаў Раман.

Клім палез, апёк ляжку на гарачым палку, плакаў ад дыму і, махаючы венікам, праклінаў, скрыўджаны, і лазню, і тых глуздоў, хто пабудаваў яе такую. «Жывуць жа людзі,— думаў ён.— Лес пад бокам, жыды ў пана адваявалі яго за даўгі і прадаюць колькі гадоў; і сяляне, кожнагодна пускаючы на гарэлку рубельчыкі і жывучы сярод лесу, маюць лазню... каб яна, даруй божа, згарэла на чыстым полі гэткая».

— Духу паддайце, гэй, хлопцы! — са скуры пнуўся стары Мікіта.

—  Ужывай, дзядзька! Пагрэйся,— адказаў «вясёлая галава, а гнілыя кішкі» малец Яхім і — чох! — паўвядра на печ.

—  Холадна! — упінаўся Мікіта.

—  I так гарым,— буркнуў Клім, седзячы каля яго і льючы халодную ваду на галаву. Ён успомніў, што Мікіцёнак Панас кожын дзень п'е «ханджу» як ваду, а Язэп мажа ёю ногі ад прастуды. Успомніў ён, бог знае к чаму, што матка корміць вяпроў у хаце і ў хаце гразка. Дрэнна...

—  Запанеў наш каморнік, пышан надта Клім Раманавіч, духу баідца... А мне, мужыку, любата,— крычаў Мікіта.

«Які тут чорт «запанеў!» — злаваў Клім.— Свінні, а не людзі,— думаў ён, злосны на ўсё, бадай, Мардалысава.— Я вёз дамоў кніжкі, каб чытаць ім, а яны кожны вечар, кожнае свята гуляюць у карты ў Мікітавай хаце, а на кніжкі не звярнулі ніякай увагі... Шчэ казалі,— разумцы! — што «некалі ім займацца панскім дзелам». I толькі гэты «святы» Хлімон прасіў пачытаць, бажаў паслухаць што-небудзь «бажэственнае», ды бабы гаварылі, каб ён, Клім, прачытаў ім слёзна-жаласна». I што ні ступнеш — чуеш дурацкае: «Запанеў, запышэў, гардзіцца».

—  Падажджы, патрывай, Клім. Парфір вады чыстае з калодзежа зараз прынясець. Будзем абдавацца.

—  Добра, тата, тут буду,— сказаў, а сам, не маючы ўжо сілы вытрываць шалёнага жару, пары і разам холаду каля ног, таксама вялікага тлуму, гоману, лаянкі, выйшаў, як п'яны, у прымыльнік, схапіў адзежу і рупна, як слухаліся рукі, пачаў, не абдаўшыся і з прыліплым на целе лісцем ад веніка, надзявацца.

«А грэх мне казаць «дурацкае», дзе толькі цемната»,— гваздом сядзела ў галаве яго непазбытная думка. «Скуль жа ведаць гэтаму старому вяскоўцу, «прыгонніку» Мікіту, што ён, Клім, вучыўся не дзеля таго, каб «заграбаць» грошы, што ён іншы, што ён жа не чураецца вёскі, любіць яе і шануе, як родны сын, што ён хоча кіравацца ўсімі сіламі, каб бачыць яе цвярозай, светлай, здаволенай жыццём ды сумленнай; што ён «запанеў», але зусім не так, як думае Мікіта... I лацвей ім,—думаў Клім далей,— страляць у вочы «запанеў», ведаючы вагу свае векавечнае працы мужыцкае, а хай бы яны пабачылі боль сэрца і смутак душы ў мяне, прымача ў «панстве» і пасынка вёскі, і яны лепей паехалі б з сахою на родныя палеткі, чымся, адарваўшыся ад дзядоўскіх сяліб, вісець у новым і невыразным паветры...»

Кашуля не надзявалася, нечым дрэнным пахла. Шапку шукаў Клім і ніяк не мог знайсці ў дакучлівай, прыкрай цемні прымыльніка.

—   Братцы, што гэта, я ж акалеў саўсім: кажыце, хто ўзяў мае штаны? — пытаўся дзядзька Якуб, хныкаючы з лазні і назад у адной кашулі.— Хто тут? — узбіўся ён на Клімавы ногі.

—  Я,— адгукнуўся Клім і зноў засумаваў.

Старыя аддыхалі, седзячы ыа мяліцах, напратываліся, абуваліся. Гаварылі аб Новым годзе, успаміналі, што было цікавага ў старым. Хто ішоў удвору, казаў:

—  Дзякую за пару, за дух, за добрую лазню, хто тапіў, хто й ваду насіў, усім шаноўным панам-гаспадарам. Дабранач!

Клім прыслухаўся к роўнаму голасу старога дзеда Банадыся, каторы, быццам восенны дождж у вокны, барабаніў:

—  ...А то вось, браткі мае, дык шчырая праўда. Чуў я гэта ад самога Панаса Дземянка, што служыў у аднаго заможнага гаспадара, але, не тут будзь казана, у вялікага ведзьмака. Але й казаць мо далей не трэба?

—  Кажы ўжо, кажы,— зацеваў Мікіта,— а то абцугі прынясём, словы з цябе цягнуць пачнём.

—  ...Паехаў Панас нешта раз з гаспадаром у дровы. Прыехалі ў цёмны-цёмны лес, якіх цяпер і не знойдзеш. Гаспадар і кажаць яму: «Ты папільнуй тут коні, а я хутка звярнуся»,— і пайшоў некуды. А Панас не дурань, троху пабавіўся ды паціхеньку ўслед...

—  Клім, во твая шапка,— шаптаў Саўка, надзяваючы жупан і слухаючы апавяданне дзеда Банадыся.

—   ...А гаспадар, крыху адышоўшы,— кулдык: цераз пень перакаціўся і пабег... Чым? Ваўком. «Ага,— думаець Панас,— грашы богу, ваўкалача». Троху пагадзя і ён перакулдыкыуўся цераз пень, і,— дадушы, не лгу,— сам Панас казаў,— і ён пабег ваўком, але разумеў ўсё, як бы і чалавек. Далей зірк ён: выскачыў гаспадар на поле, схапіў барана са статка — ды ў лес. На ліха тут дагледзеў ён Панаса, сцяміў усё, сам перабег цераз пень яшчэ і зрабіўся чалавекам, а на Панаса наклаў такое закляцце, што той тры гады прабегаў зверам: раз чуць не забілі яго людзі, бо ён, хоць і прыкра, а еў, каб не ўмерці з голаду, што і ўсе звяры...

Яшчэ далей нешта гаварыў Банадысь, але Клім не слухаў больш і пайшоў з лазні.

Быў ціхі вечар. На высокім небе ззялі зорачкі, ліў пазычаным светам месяц. Скрыпеў пад нагамі снег. «Заўтра Новы год...»

I неяк невясёла-невясёла было Кліму, «запанеўшаму», як казаў стары Мікіта. Думкі плылі, чапляліся адна за другую, роем мітусіліся ў галаве. «Беларусь, Беларусь, чым ты была і чаго ты, во, даждала?» — звінела ў адным баку. «I што з табою будзе?» — плыло ў другім.

А зорачкі блішчэлі так хораша на небе. I скрыпеў снег... I мерныя тужлівыя вершы ляцелі з неадкуль:

Мой родны край, краса мая,
3 табой навек расстаўся я!..

I задумаўся Клім. I пяялася неяк па-іншаму:

Мой родный край, краса мая,
3 табою век не ў згодзе я...

Пад ложачкаю шчымела нешта незнаёмае.

Мой родны край, як ты ж мне мілы,
Забыць цябе не маю сілы...

I ляцелі думкі. I дрыжалі струны душы дзіўна-маркотным гукам.

Мой родны край, як ты ж мне мілы,
Уцяміць цябе не маю сілы...

«Эге ж, уцяміць, пазнаць, зразумець ніколі не здолееш»,— быў чуцен шэпт. «I хіба!... Што?..»

«Але ж не адракацца, не быць здраднікам, а любіць, шанаваць родную Бацькаўшчыну павінен, доўжан...» — быў другі шэпт. «Люблю... ці ж не люблю?.. А страшна яно, роднае... чым?..»

I спахмурнеў Клім, сігаў шпарчэй па скрыпучым марозным снезе. Ляцела думка: «Мой родны кут, люблю цябе без меры!» — і забавілася яна, не ўцякала.

—  Ці не захварэла твая галава, Клім, пасля лазні? — спытаўся бацька.

—  Палепшае,— адказаў сын.


Библиотека
статистика сайта
Hosted by uCoz