Библиотека

У.ВАСІЛЕВІЧ
БЕЛАРУСКІ НАРОДНЫ КАЛЯНДАР


Верасень

Рубеж, калі адбывалася развітанне з летам і пачыналася восень, указваўся ў народзе па-рознаму. Відочныя знакі восеньскай пары прыкмячалі ўжо на Пятра, потым на Іллю, Спаса, Прачыстую, Флора і Лаўра. Умоўна лічыцца, што восень наступае ад пачатку верасня. Крыху панылыя, але яшчэ з пробліскамі сонца карціны першага восеньскага месяца малююць народныя прыкметы: "Верасень — з досвіткам дзень", паказваючы гэтым самым паступовае скарачэнне дня. Усё мацней бяруцца халады, звычнымі робяцца туманы, ападаюць лісты з дрэў, чырванеюць рабіны ("У верасні адна ягада — ды і тая горкая рабіна"). Але земляроб меў чым парадвацца пад час прыроднай сумоты, бо "верасень месяц халодны, але сыты". Нездарма ж гаварылася: "Як настане верасень — у гаспадара поўна гумно і кішэнь".

1. Андрэй, Піцірым, Цімафей, Агата, Тэкля.

2. Самуіл, Сявір.

3. Фадзей, Васа, Аўрам.

4. Апанас, Анфуса.

5. Дзень пакутніка Лупы (як і наогул першая дэкада верасня) прызнаваўся ўдалым для азімай сяўбы: "На Лупа будзе жыта купа". Павер'е магло нарадзіцца не толькі на падставе гукавога падабенства, але і па зрокавых асацыяцыях. Гаварылі, што ў дзень памяці святого Лупы нельга сеяць жыта, таму што на ўсёй ніве будуць "лупы" — жыта ўзыдзе і вырасце плешынамі. Так адзін і той жа вобраз у залежнасці ад мясцовай традыцыі надзяляўся супрацьлеглым стаўленнем да сялянскай працы ў гэты дзень.

6. Яўціхій, Іван, Пятро, Арсень, Георгій.

7. Варфаламей, Ціт, Міна, Яўлогій. Імя святога Варфаламся (у народзс — Баўтрамея) рыфмавалася з адлаведнымі аграрнымі работамі: "Прыйшоў Баўтрамей — жыта на зіму сей". У гэты ж дзень прадугледжваўся адлёт буслоў у вырай, іх зварот праз дзевяць месяцаў падмацоўваў тлумачэнне, што дзяцей прыносяць менавіта гэтыя птушкі: "Святы Баўтрамей высылае буслоў на дзяцсй". Па стану надвор'я на Варфаламея вызначалі характар усёй воссні.

8. Адрыян, Наталля.

9. Пімен, Анфіса, Сава.

10. Майсей невядома з якой прычыны шанаваўся як збавіцель ад п'янства, асабліва запойнага. Таму жанчыны, што пакутвалі ад мужоў-п'яніц, звярталіся менавіта да Майсея па дапамогу.

11. Дзень адсячэння галавы Іаана Прадцечы меў у народзе назвы: Іван Галавасек (Галаварэз, Сценцель), або Іван Калінавік (Каліннік). Адзначаўся праваслаўнай царквою строгім постам. Разнастайныя формы жалобы бытавалі і сярод простага люду, кожная парада ці забарона па-свойму лагічна выцякала з характару дня. На Галавасека нельга было есці круглых пладоў, каб не спадобіцца Ірадыядзе, якая забаўлялася галавою Іаана Хрысціцеля як яблыкам, і каб не садзілася ў бліжэйшы год на целе скуллё. Баяліся варыць чырвонае бацвінне, бо, лічылі, у доме на працягу года пральецца чыя-небудзь кроў. Забаранялася рэзаць нажамі і сячы сякерамі ўсе, што мела круглыя абрысы, нават хлеб кроілі загадзя ці ламалі яго рукамі. Пад пагрозаю пажару рупіліся выпаліць напярэдадні ў печы і ўсяляк пазбягалі знозіць сена ў хлявы. Ужо сама назва свята падказвала паклапаціцца і пра ўласную галаву. А каб яна не балела, ламалі на Галавасека каліну, што якраз паспявала, і варылі з яе кісель ці кашу з аржаной мукой і цукрам. На Магілёўшчыне ў гэты дзень стараліся паболей заараць і засеяць жыта, якое, разлічвалі, будзе асабліва ўмалотнае. Пра дзень Галавасека ў песнях спявалі, што ён "руняй сцеліць" і "бульбу з поля збіраець".

12. Аляксандр, Іван, Павел, Даніла.

13. Кіпрыян, Генадзь.

14. Сямён, Марфа. Дзень Сямёна Стоўпніка ("Стаўбуна") меркаваўся як апошні дзень сяўбы азімых: "Святы Сымон — а й сявец дамоў". Паводле народнага павер'я, жыта, пасеянае ў гэты дзень, не будзе баяцца павалу, будзе трымацца "станьком", высокае, але неўмалотнае. А каб засце-рагчыся неўмалоту, няпоўных каласоў, забаранялі на Сымона малаціць, Павер'ям служыла сугучнасць: "семя" і "Сямён". У выніку гэты святы станавіўся нібы павераным селяніна ў зерневай справе. Наогул селянін кожны этап да будучай сяўбы азімых "даручаў" асобнаму святому: "Да Пятра трэба зямлю паараць, да Іллі — узбаранаваць, да Вялікай Прачыстай — памяшаць і да Сямёна — жыта ўзараць". Яшчэ адляталі птушкі ў вырай. 3 Сымонам звязвалася павер'е, быццам ластаўкі хаваюцца на зіму ў ваду. На Сымона, як і раней на Баўтрамея, знішчалі ў хаце мух.

Другая палова верасня і пачатак кастрычніка ў народным календары звязваліся з пацяпленнем і насілі назву "бабінага лета". Яна паходзінь нібыта ад таго, што на гэты час прыпадала пераважна "бабская" работа на агародзе і ў полі. Лагоднае надвор'е спрыяла ўборцы гародніны, капанню бульбы; у гэты час церлі і трапалі лён і каноплі.

15. Хвядот, Руфіна, Іван, Антон, Хвядос.

16. Феафіл, Дарафей, Пятро, Зінон, Домна, Яўхім, Феакціст, Іван, Васіліса.

17. Вавіла, Майсей, Піліп, Хведар, Юльян.

18. Захар, Лізавета, Апанас, Глеб, Давыд, Максім, Хведар, Аўдзей, Раіса.

19. Дзень успаміну цуда Архістраціга Міхаіла па-народнаму называўся проста "Цуда". Гэга не было свята, і лічылі, калі хто сее жыта ды не ведае, што за дзень, то ўродзіць цудоўная збажына, а калі хто ўведае ці згадае, але не спыніць работу, — з ураджаю атрымаецца "цуда" наадварот. На Магілёўшчыне распачатую малацьбу спынялі ў дзень Цуда, бо яна, як і распальванне агню ў гумне (найверагодней па асацыяцыі з ударамі перуна і бліскамі маланкі), пагражае спаліць пабудову.

20. Сазонт, Іван, Макар, Серапіён, Лука.

21. Свята Ражства Маці Божай шмат у чым пераклікалася з Прачыстай, але было як бы рангам ніжэй, што выявілася і ў назвах: Малая (меншая, другая) Прачыстая (у параўнанні з Вялікай, большай, першай), Спожка (у параўнанні са Спажой), Другі святок. Пачынаўся адлік дням чарговай пары года: "Другі святок — восень, браток". Была і свая назва ў гэтага свята, што з найбольшай яскравасцю сведчыла пра канчатковы набытак селяніна з яго нівы — "Багач". I, як заўсёды,святочны дзень не толькі падагульняў зробленае, але і настройваў на далейшыя работы: "Багач — бярыся за рагач (саху), ідзі пад авёс гараць", альбо "Прыйшоў Багач — кідай рагач, бяры сявеньку, сей памаленьку". Ад цяжкіх работ пад восень ужо добра-такі стамляліся, асабліва жанчыны: "Да Багача баба рабача, па Багачы — хоць за плот валачы". На Віцебшчыне жанчыны хадзілі па ільнішчах і прыгаворвалі: "Няхай будзіць лён такей даўгей, сколькі мы прайшлі!" У заходніх раёнах Беларусі на Багача забівалі жывёліну, а гаспадара, які шкадаваў зарэзаць барана, перасцерагалі, што таго барана воўк парве. Назіралі за жывёлай, каб рабіць прагнозы аб наступленні зімы; калі пасля Малой Прачыстай жывёла імкнецца на пашу вельмі рана, то і зіма будзе ранняя. Сапраўды, прадчуваючы зазімкі, жывёла рвецца, каб у апошнія дні паболей скубянуць свежай травы.

22. Якім, Ганна, Язэп, Хвядос, Феафан, Харытон, Мікіта.

23. Павел, Андрэй, Клімент, Пульхерыя, Пятро.

24. Хвядора, Сяргей, Герман, Дзмітрый, Ія. "На Тадору ўсякае лета канчаецца".

Ой, восень мая, восень сцюдзёная,
Чаго ты рана захаладала?
Я й не раненька, я й не пазненька —
Калі мая пара прыйшла:
Лісточак апаў, зямельку услаў,
Вось мая і пара прыйшла...

25. Сямён, Юльян, Хведар.

26. Лявонцій, Юльян. Лук'ян, Валяр'ян, Пятро.

27. Узвіжанне (Здзвіжанне) — так у наролзе называлася царкоўнае свята, звязанае з ушанаваннем крыжа, які ўздымаўся ("воздвмгался" — адсюль і назва свята) над натоўпам вернікаў. Народнае тлумачэнне назвы немудрагелістае: "К Здзвіжанню ўсё павінна быць здзвінута", г.зн. усе азімыя і яравыя павінны быць звезены з поля. На Капыльшчыне тлумачылі і так: "На Узвіжанне сонца калі ўсходзіць — гуляе, прыгае, дзвіжацца" (звычайна гэта прыродная з'ява прыпісваецца Вялікадню ці Купаллю). Песня раіла на Узвіжанне " з поля збіраць, бульбу капаць, сцяліць лянок".

Чым далей гартаецца народны каляндар, тым часцей згадваецца пра надыход халадоў: "На Узвіжанне халат з плеч, а кажух на плечы". Гэта, па ўсім, апошняе свята, калі канчаткова раэвітваюцца з летам. "Ключы ад лета — у шызай галачкі, і яма, адлятаючы у цёплыя краі, замыкае яго і забірае з сабою ключы". Апрача адлёту птушак, вельмі значнай з'явай быў для народнага ўяўлення яшчэ адзін рух ("здзвіжанне") у прыродзе — выпаўзалі змеі і збіраліся разам, каб адыйсці ў зімовы сон да вясны: "Ва Узвіжання пару гадзюкі і вужакі хаваюцца ў нару". Першы вясновы і апошні восеньскі змяіныя ўкусы лічыліся самымі небяспечнымі, таму на Узвіжанне пабойваліся хадзіць у лес, асабліва ж наказвалі тое дзецям. Легенды пра сыход змей на Узвіжанне пашыраны ў беларускім фальклоры. На чале змяінага шэсця заўжды малюецца Цар-змей з залатой каронай. Следам за ім — незлічоныя падланыя-паўзуны. Цар вылучаецца сярол усіх сваёй велічынёю і лускою з ссрабры-стым адлівам. Шэсце рухаецца па непрахолных для чалавека мясцінах, і калі ўсё ж камусьці здаралася сустрэцца са змяіным "выраем", то варта было заслаць перад царом абрус з хлебам-соллю і пакланіцца да зямлі, як той, прапаўзаючы праз абрус, у падзяку скідаў з кароны залаты ражок. Уладальнік такога ражка нібыта набываў незвычайную мудрасць і праніклівасць, здольнасць угадваць чужыя думкі, выходзіць з самых цяжкіх абставін; на яго таксама не дзейнічаў змяіны яд. Нягледзячы на страх перад змеямі, Узвіжанне на Палессі з'яўлялася першым днём агульнага збірання журавін.

28. Мікіта, Акакій, Максім, Хвядот, Парфірый, Сцяпан. Язэп.

29. Віктар, Дарафей, Людміла, Язэп, Ісак. У каталіцкім календары гэта дзень Міхаіла, які прадказваў надвор'е: "Калі на Міхала з поўначы вее, то не мей на пагоду надзеі". Ясная ноч абяцала трывалую зіму.

30. Вера, Надзея, Любоў, Соф'я.

Калі на працягу верасня ліст на дрэвах трымаецца моцна — зіма няскора прыйдзе.


Библиотека
статистика сайта
Hosted by uCoz